Виртуальная экскурсия "Герой і руплівец - Мікалай Іванавіч Семянкоў"

Герой і руплівец Мікалай Іванавіч Семянкоў

развернуть

Па матэрыялах успамінаў (2008 год, запісала - Шостак Н.А.):

Уводзіны

      З  часоў узнікнення і на працягу свайго развіцця Рэспубліка Беларусь лічылася аграрнай краінай. Нікога ўжо не здзівіць сцверджанне, што беларус – чалавек зямлі ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Колькі душы і працы, крыві і поту ўкладвае беларускі народ у сваю зямельку! З самых даўніх часоў зямля давала жыццё нашым продкам: нездарма мы параўноўваем яе з роднай маткай, нездарма класікі роднай літаратуры прысвячалі ( і робяць гэта зараз!)  сваёй зямельцы  лепшыя творы. Прывязанасць да зямлі ў беларускага народа настолькі вялікая, што некаторыя называюць яе нават генетычнаю. І сапраўды, не кожны народ можа пахваліцца такой прыгажосцю :

Якая ж ты прыгожая, зямля,

Калі звініць жаўрук пад сінявою,

І пахне рунь, абмытая расою,

І сок бруіцца ў кроны ад камля:

Пад крыламі тугімі жураўля

Схіліцца полю спелай збажыною

Жнівом гарачым, дружнаю сяўбою

Ты ласкавееш, родная зямля.

     На працягу гісторыі мы аберагалі і шкадавалі ледзь не кожны кавалачак каштоўнай зямліцы. Гэтак сталася і пад час Вялікай Айчыннай вайны, так было і ў пасляваенны перыяд. Цяжка дасталася перамога нашаму народу, але яшчэ большыя цяжкасці выпалі на долю краіны ў мірны час. Хіба можна забыцца на цалкам разбураны Мінск, на спаленую дашчэнту Хатынь, на кожнага чацвёртага, загінуўшага ў тым жудасным пекле? Таму мы лічым правамерным звярнуцца да перыяду аднаўлення Беларусі, які  па сваёй важкасці і вялікаму значэнню не саступае падзеям ваенных часоў. Гаворка пойдзе і пра краіну ў цэлым, і пра маленькую Радзіму, у прыватнасці – вёску Знамя Слуцкага раёна.

     Асноўнымі мэтамі нашай працы лічацца:

  • Фарміраванне цікавасці да гісторыі свайго краю, вывучэнне працоўных традыцый беларускага народа ў пасляваенны час, фарміраванне пачуцця годнасці і гонару за дасягненні сваёй нацыі на ніве пасляваеннага аднаўлення краіны;
  • Дасканалае вывучэнне гісторыі ўзнікнення і развіцця СВК “Знаменскі” Слуцкага раёна, знаёмства з дзейнасцю перадавікоў калгаса;
  • Далейшае развіццё турысцка-краязнаўчай, пошукавай, даследчыцкай дзейнасці вучняў школы, школьнага музея, членаў моладзевых арганізацый;

 Пастаўленыя мэты эфектыўна садзейнічаюць рашэнню наступных задач:

  • Вывучэнне дакументальных звестак, матэрыялаў музейных і асабістых архіваў;
  • Даследаванне навуковай, гістарычнай і мастацкай літаратуры;
  • Збор аудыё- відыёматэрыялаў, успамінаў і дзённікавых запісаў, што ў поўнай меры адлюстроўваюць працоўны ўклад беларускага народа ў адраджэнне і развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд;
  • Сустрэчы са сведкамі і ўдзельнікамі тых падзей, арганізацыя вечарын, урокаў памяці і мужнасці, мітынгаў і іншых урачыстых мерапрыемстваў;
  • Папаўненне экспазіцыі краязнаўчага музея школы;

     Такім чынам, зыходзячы з пастаўленых мэт і задач,можна з упэўненасцю гаварыць аб абʹёмнай   працы па ахопу дакументальных матэрыялаў, часавай прасторы, што вымагае падзелу даследавання на  некалькі  раздзелаў.

     Першы раздзел прысвечаны ролі сельскай гаспадаркі як галіны эканомікі ў развіцці Беларусі, велізарным стратам пад час Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі, а таксама аднаўленню і станаўленню сельскай гаспадаркі краіны ў пасляваенны перыяд;

     У другім раздзеле мы акцэнтуем увагу на арганізацыю і развіццё СВК “Знаменскі”, праўленне якога знаходзіцца на тэрыторыі в. Знамя Слуцкага раёна. Багатая  васьмідзесяцігадовая гісторыя, слаўныя традыцыі, былыя і сучасныя працаўнікі калгаса – усе гэтыя факты даюць падставу для напісання асобнай дакументальнай працы.

 Ліхалецці вайны    

     Вялікая Айчынная вайна і нямецка-фашысцкая акупацыя прынеслі незлічоныя бедствы беларускаму народу. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, у тым ліку і сталіцу БССР – г. Мінск.

     За гады нямецка-фашысцкай акупацыі было разбурана 9200 сельскіх паселішчаў, 10338 прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе электрастанцыі. Была разбурана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па прамысловых  і энергетычных магутнасцях Беларусь была адкінута да ўзроўню 1913 г.

     Сельская гаспадарка Беларусі таксама панесла вялікія страты. У 1945 г. пасяўныя плошчы ў рэспубліцы складалі не больш чым 74 % ад даваенных. Валавы збор збожжа быў на 30% ніжэй за даваенны. Цалкам была знішчана грамадская жывёлагадоўля. Аднаўленне сельскай гаспадаркі пачалося разам з вызваленнем тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У першую чаргу былі прыняты меры па матэрыяльна-тэхнічнаму ўмацаванню калгасаў і саўгасаў. Вялікае значэнне мела пастанова СНК  СССР і ЦК  ВКП(б) “Аб аказанні дапамогі вызваленым раёнам Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей Беларускай ССР па аднаўленню  МТС і калгасаў” (27 снежня 1943 г.).

     Згодна з гэтай пастановай у Беларусь было завезена з усходніх раёнаў СССР  1542 трактары, 13 тыс. Коней, 30 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 130 тыс. авечак, 50 тыс. свіней. У 1945 годзе ў рэспубліку было дастаўлена больш за 25 тыс. роных сельскагаспадарчых машын, 70 тыс. коней, 109 тыс. кароў, больш чым 3 тыс. аўтамашын.

     19 верасня 1946 года Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП (б) прынялі пастанову “Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах”. Калгасам была вернута зямля і жывёла, якія знаходзіліся ў карыстанні прыватных асоб і устаноў. К канцу чацвёртай пяцігодкі агульная пасяўная плошча ў рэспубліцы дасягнула 91,4 % даваеннай, а пасевы збожжавых – 97,1% . аднак большасць калгасаў яшчэ былі нерэнтабельнымі і стратнымі. Справа ў тым, што вельмі цяжкімі былі вынікі вайны, асноўныя сродкі накіроўваліся на развіццё цяжкай прамысловасці, не хапала працоўнай сілы. Уся праца ў сельскай гаспадарцы выконвалася галоўным чынам жанчынамі, старымі і падлеткамі.

     Першыя пасляваенныя гады лічацца самымі складанымі ў аднаўленні сельскай гаспадаркі: на нізкім узроўні заставалася прадукцыйнасць працы, калгаснікі атрымлівалі мізэрную плату за сваю працу. Першай спробай рэфармаваць сельскую гаспадарку зʹявіліся рашэнні вераснёўскага (1953 г.) Пленума ЦК КПСС. Згодна з імі з калгасаў і саўгасаў была спісана запазычанасць, павышаны нарыхтоўчыя і закупачныя цэны на сельгаспрадукты, больш чым ў два разы зніжаны падатак на падсобныя сялянскія гаспадаркі.

     Прынятыя меры садзейнічалі значнаму росту вытворчых сіл сельскай гаспадаркі. За пятую пяцігодку магутнасць трактарнага парка ў сельскай гаспадарцы БССР павялічылася ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў – у 4,8.  

       Парк трактароў, збожжаўборачных камбайнаў і грузавых аўтамабіляў у сельскай  гаспадарцы

 

 

 1933

1940

1945

   1965

    1970

Усяго трактароў, тыс. шт.

 

Іх агульная цягавая магутнасць, тыс. к. с.

 

Камбайны збожжаўборачныя, тыс. шт.

 

Аўтамабілі грузавыя (разам з аўтацыстэрнамі), тыс. шт.

 3,2

 

39,9

 

0,004

 

0,2

10,4

 

200,4

 

1,7

 

6,1

 3,9

 

71,4

 

0,37

 

1,7

 55,4

 

1490,4

 

13,5

 

43,1

 81,6

 

2288,5

 

24,6

 

54,6

 

Быў спынены спад прадукцыйнасці працы. Валавы збор збожжавых культуру 1960 г. у БССР павялічыўся ў параўнанні з 1953 г. на 47%, колькасць буйной рагатай жывёлы – на 26%. Мяса і малака – амаль на 70% .   

 

 

Адзінка вымярэння

        1913

          1940

    1950

             1960

      1965

        1970

Збожжа

 

Ільновалакно

 

Цукровыя буракі

 

Бульба

 

Агародніна

 

Мяса і сала

 

Яйкі

 

Малако

млн. т

 

тыс. т

 

тыс. т

 

 

млн. т

 

тыс. т

 

тыс. т

 

млн. шт

 

млн. т

 

2,6

 

32,8

 

-

 

 

4,02

 

 -

 

219

 

413

 

1,4

2,7

 

36,5

 

 -

 

 

11,9

 

673

 

275

 

612

 

2,0

1,6

 

42,0

 

70

 

 

9,5

 

483

 

240

 

541

 

1,9

2,2

 

85,0

 

383

 

 

10,6

 

843

 

406

 

2,8

 

811

3,3

 

114,4

 

856

 

 

12,1

 

820

 

508

 

1106

 

4,1

 

 

4,2

 

102,1

 

1030

 

 

13,2

 

855

 

685

 

1669

 

5,3

 Але дадзены ўзровень быў ніжэйшы за той, які планаваўся, і не забяспечваў патрэб рэспублікі.

    Другой спробай выпрацаваць эфектыўную аграрную палітыку было рашэнне павялічыць капіталаўкладанне ў сельскую гаспадарку, павялічыць пастаўку тэхнікі калгасам і саўгасам, давядзенне цвёрдых планаў дзяржаўных закупак прадуктаў, павелічэнне закупачных цэн на іх, спісанне запазычанасці з калгасаў, устанаўленне гарантаванай аплаты працы калгаснікаў, увядзенне іх пенсіённага забеспячэнне, умацаванне падсобных гаспадарак і інш.

    Спробы выкарыстаць эканамічныя стымулы развіцця сельскай гаспадаркі мелі станоўчыя вынікі. За 1965 – 1970 гг. Ураджайнасць збожжавых культур у рэспубліцы ўзрасла з 11,5 ц да 16 ц з гектара, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павялічылася на 70%. Гэта дазволіла значна палепшыць матэрыяльнае становішча працоўных рэспублікі.

Старонкі гісторыі калгаса

     Тутэйшыя вулачкі тояць у сабе ўспаміны пра дзяцінства цяпер ужо вядомых пісьменніка Паўла Місько, мастака Івана Пратасені, тут ёсць свой Сахалін і свая Амерыка, Дуброва, Беларусь і Хлебны Клін. І сёння, як і многія гады таму, зямлю славяць хлебаробы.

Ці ёсць такія словы, каб ушанаваць іх працу, ці можна нават у кнігах да дробязей расказаць пра амаль 80-гадовы шлях калгаса? Кожны дзень, пражыты  калгасам ў мірны час, перажыўшы ваенныя ліхалецці, - гэта ўжо свій, нікім не паўторны летапіс. Давайце ж разам, шаноўныя чытачы, адкрыем старонкі гісторыі СВК “Знаменскі”.

     Сельскагаспадарчая арцель (калгас) “Прамень камуны”(менавіта такую назву СВК “Знаменскі” насіў яшчэ да нядаўняга часу) была створана ў лістападзе 1929 года з дробных сялянскіх гаспадарак. Цэнтральная сядзіба калгаса размяшчалася ў сяленні Старцавічы (цяпер Знамя) Сярэднякоўскага сельсавета. На той час у Старцавічах налічвалася каля 115 двароў. Не было ў той час і школы: навучанне дзяцей па чарзе праводзілася ў хатах найбольш заможных сялян з аплатай і частаваннем настаўніка па чарзе.

     Вялікі ўплыў у стварэнні калгаса аказалі камсамоьская ячэйка, якая налічвала 21 камсамольца, а таксама сельскі Савет, узначальваемы ў той час Д.Я.Басалыгам.

     “Да лістапада 1929 г. было пададзена больш 40 заяў аб уступленні ў калгас. Першы заснавальніцкі сход калгаснікаў адбыўся 27 лістапада 1929 года. На абмеркаванне было вынесена тры пытанні: аб часовых задачах калгаса (аб абагульненні коней, буйной рагатай жывёлы, інвентару, кармоў, а таксама насення для веснавой сяўбы), выбранне праўлення калгася і  аб назве калгаса.

     Сход зацягнуўся да глыбокай ночы. Асабліва горача спрачаліся па пытанню абагульнення буйной рагатай жывёлы, кармоў і насення. Праўленне калгаса складалася з 5 пяці чалавек. Старшынёй праўлення выбралі Пратасеню Р.А. ”.    ( 2, с.2,3)  Аднак Рыгор Аляксандравіч доўга на гэтай пасадзе не затрымаўся, і ў хуткім часе  старшынёй маладога калгаса стаў Рухавец Юдаль Шмуйлавіч. Вось як яго працу на гэтай пасадзе апісвае аўтар летапісу калгаса “Прамень камуны”: “Пад яго кіраўніцтвам калгас набраў добрыя тэмпы. Павысіўся намнога ўраджай усіх культур…калгаснікі яго вельмі паважалі”. ( 2, с.4)

Вядучай галіной калгаса ў даваенны перыяд было паляводства і агародніцтва. Пра складанасці жыцця ў даваенны перыяд і гаварыць нават не выпадае: працавалі ўсе – і старыя, і маладыя,і дзяўчаты, і хлопцы. Тутэйшыя старажылы ў прыклад ставяць Вольгу Іванаўну Какоцьку, сціплую, руплівую і мужную жанчыну. Адна з першых камсамолак, як і большасць тагачаснай моладзі, працаваць пайшла ў 14 гадоў. У брыгадзе маладой дзяўчыне было, безумоўна, цяжка, але яе спрыт і стараннасць заўважылі. Як успамінае сама Вольга Іванаўна, “ніколі ззаду не хадзіла – заўсёды сярод першых была”. Старшыня калгаса Рухавец Ю.Ш. прапанаваў ёй пайсці на курсы трактарыстаў, і Вольга Іванаўна згадзілася. Паўгода павучылася і атрымала ў калгасе трактар “Беларусь”. Побач працавалі яшчэ дзевяць жанчын-трактарыстак. Бывала, аралі і ноччу.

      Вядома, што аднаўленне гаспадаркі   ў пасляваенны час мела    таксама вялікія цяжкасці. Аднак і з гэтым справіўся народ Случчыны. Дзякуючы правільнай арганізацыі працы калгас “Прамень камуны” дабіўся добрых вытворчых паказчыкаў. За добрасумленную працу 15 калгаснікаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод іх звеннявы Мікалай Савіч Нядзелька, аграном Рыгор Пятровіч Варапанаў, паляводы Галіна Капуш, Вольга Аляксандраўна Ражанец.

     З 1948 года калгас зʹяўляецца элітна-насенняводчай гаспадаркай па збожжавых культурах, якая тэрмінова здае дзяржаве высокаякаснае сартавое насенне азімай і яравой пшаніцы, жыта, аўса, ячменю.

     У 1949 годзе за датэрміновае выкананне плана хлебанарыхтовак рашэннем Слуцкага райвыканкама і райкама КП(б)Б калгас быў занесены на раённую Дошку гонару.

     Штогод павялічваліся пасяўныя плошчы, павышалася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Усё гэта садзейнічала росту пагалоўя грамадскай жывёлы і павышэнню яе прадукцыйнасці. У 1954 годзе пасяўная плошча збожжавых культур складала 984,7 гектара, сярэдні ўраджай іх – 9,2 цэнтнера з гектара, у 1955 годзе – 10 цэнтнераў.

     У 1955 годзе калгас датэрмінова выканаў план паставак дзяржаве ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі.

     Па выніках 1959 года рашэннем абкама КПБ за дасягненне лепшых паказчыкаў калгас быў занесены на абласную Дошку гонару. У той год на 100 гектараў сельгасугоддзяў было атрымана 190,7 цэнтнера малака. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва лепшай была даярка Кітун Г.Д.(2809 літраў на адну карову). Свінаркі  А.К Брытвіч і З.М. Сумар сталі пераможцамі ў спаборніцтве па адкорму свіней.

      Рашаючая роля ў хуткім развіцці гаспадаркі належыць людзям, на чые плечы лягла гэта  складаная задача – аднавіць і ўзбагаціць краіну пасля ваенных разбурэнняў. Вось аб адным з такіх працаўнікоў і будзе далей ісці гаворка.

Лёгкай працы на зямлі не бывае

     Па рашэнню вераснёўскага 1953 года Пленума ЦК КПСС на ўздым сельскай гаспадаркі накіроўвалі спецыялістаў з гарадоў. У лютым 1954 года з Мінска ў “Прамень камуны” прыехаў Мікалай Іванавіч Семянкоў. Старшынёй ён адпрацаваў роўна 20 гадоў. Заслужаны калгаснік, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Ехаўшы працаваць у вёску нават і не думалася маладому хлопцу заставацца тут надоўга. Аднак лёс распарадзіўся па-свойму…

     Нарадзіўся Мікалай Іванавіч у далёкім Паўднёвым Казахстане  1 снежня 1918 года.  Бацькі Мікалая Іванавіча былі звычайнымі сялянамі,  і , як успамінае   сам Мікалай Іванавіч,  былі   арандатарамі. У сямʹі Семянковых было шасцёра дзяцей: тры дзяўчынкі (Ксенія, Марыя і Ганна) і трое хлопчыкаў (Мікалай, Мікіта і Уладзімір). Брат Мікіта прапаў бяз звестак ў першыя ж дні вайны, а вось Мікалаю Іванавічу пашчасціла не толькі выжыць, атрымаць безліч ўзнагарод і падзяк, але і праславіць чалавека працы ці не на ўсю Мінскую вобласць.

  З самых юных гадоў Мікалай Іванавіч праяўляў сябе як актыўны і вельмі працалюбівы чалавек. Блізкія гавораць аб няўрымслівай, энергічнай і бадзёрай натуры Мікалая Іванавіча. Пасля заканчэння  сярэдняй Джамбульскай школы  (Казахстан) хлапчук вырашыў паступаць у Ташкенцкі Інстытут ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі. Там жа ўладкоўваецца на працу ў школе – старшым піянерважатым. Менавіта гэты першы юначы вопыт працы з людзьмі, асбліва з дзецьмі, і адкрые шырокі прастор для грамадскай дзейнасці Мікалая Іванавіча.    

    Пад уплывам некаторых жыццёвых абставін  з 1937 па 1939 год Мікалай Іванавіч вучыўся ў Іркуцкім ваенным  авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы, пра што ніводнага разу не пашкадаваў. Неба і авіяцыя ўзялі ў палон сэрца маладога  чалавека. Нават зараз, маючы за плячыма каласальны вопыт гаспадара зямлі, сваё юнацтва называе рамантычным: “…асабліва, калі блакітныя пятліцы на шыі былі. Любая дзяўчына нават танкіста пакіне дзеля лётчыка! ”.

     За дні вучобы і працы давялося пабачыць шмат гарадоў: вельмі часта полк, дзе служыў М. І. Семянкоў перакідвалі з месца на месца. А ў 1940 годзе Мікалай Іванавіч , ваентэхнік  II ранга, у складзе свайго палка прыняў  удзел у  парадзе вайсковай тэхнікі ў Маскве.    

      22 чэрвеня 1941 года… Крывавая дата для ўсяго нашага шматпакутнага беларускага народа і для кожнага чалавека ў прыватнасці. Першыя дні вайны засталі дваццаці трох гадовага, поўнага мар і спадзяванняў юнака ў Латвіі, на чарговым аэрадроме, дзе праходзілі вучэбныя палёты. Мікалай Іванавіч да дробязей памятае першыя гадзіны вайны. Напэўна,   большасць  ветэранаў з дакладнасцю змогуць апісаць кожную хвіліну гэтага жудаснага дня. І сапраўды, наш субяседнік з горыччу ўспамінае вечар 21 чэрвеня: “Нам тады неверагодна пашчасціла: пасля вучэнняў, што ішлі ўжо другі тыдзень, нас упершыню адпусцілі на адпачынак, у горад. Куды ж маладыя і прыгожыя хлопцы маглі падацца ў суботні вечар? Канечне ж, на танцы! Аднак, доўга мне там затрымацца не ўдалося :  дзяўчына, з якою я сябраваў, не прыйшла. Пакруціўся я, пакруціўся ды і пайшоў назад, у казарму”. А праз некаторы час увесь

полк паднялі па трывозе, але спярша гэта нікога не здзівіла: чарговыя заняткі. Толькі крыху пазней вопытныя лётчыкі змаглі адрозніць гул матораў нямецкіх самалётаў. Адразу ж пачалі бамбіць аэрадром. Мікалай Іванавіч і зараз памятае сваё першае пачуццё ад падаючых снарадаў: “Было такое адчуванне, што бомба вось-вось упадзе  не дзе-небудзь збоку, а як раз табе на галаву, патрапіць у самы мазжачок”.

     За гады вайны Мікалай Іванавіч адрамантаваў не адзін дзесятак самалётаў, ваяваў на некалькіх франтах (Сталінградскі, 4-ы Ураінскі, 3-і Беларускі), быў паранены і цудам застаўся жывым. Ганаровыя ўзнагароды таксама знайшлі свайго героя: Ордэн Чырвонай зоркі, Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі за баявыя заслугі, медалі за абарону Масквы, Сталінграда, за ўзяцце Кенігсберга, за Перамогу над Германіяй.

Пасля вайны Мікалай Іванавіч меў намер працягваць вучыцца ў авіяцыйным інстытуце, так як цвёрда вырашыў усё жыццё прысвяціць авіяцыі, аднак у паступленні яму адказалі. Нават у той час палова людзей працягвала насіць ганебны ярлык – “вораг народа”. Не пазбегнуў гэтага і   адважны лётчык: у ласкавай форме яму патлумачылі, што сын “ворага народа” не можа вучыцца ў прэстыжнай установе.

… Бацьку рэабілітавалі толькі ў сярэдзіне 50-ых: з-за адсутнаці складу злачынства.

     У 1948 годзе дэмабілізаваўся, працаваў у горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці. А ў 1949 годзе ўжо разам са сваёй  невялічкай сямейкай (жонка і маленькі сын ) перабіраецца ў Мінск, дзе працуе сакратаром Беларускага Рэспубліканскага камітэта прафсаюза рабочых мясцовай прамысловасці. Жылося спачатку цяжкавата: свайго кутка  пакуль не было, прыходзілася здымаць пакойчык. Так працавалася да 1954 года. Жыццё, пакалечанае вайной, здавалася, пачало наладжвацца. Зʹявіліся і знаёмыя, пакрыху прывыкалі да гарадскога жыцця,  а Мікалай Іванавіч – да народа, беларускага. І тут як гром з яснага неба - па загаду партыі Мікалая Іванавіча накіравалі на работу старшынёй калгаса.

                - Па праўдзе сказаць, я быў шакіраваны. Я скарэй бы згадзіўся на нейкі прамысловы абʹект – бліжэй да маёй спецыяльнасці. Але ж не сельская гаспадарка!  - расказвае Мікалай Іванавіч. -  Але доўга спрачацца не выпадала: у калгас дык у калгас.

     Так, з 15 лютага 1954 года агульным сходам калгаснікаў М.І Семянкова выбралі старшынёй калгаса “Прамень камуны”.

      Пад час працы ў калгасе малады старшыня завочна закончыў Горыцкую сельскагаспадарчую акадэмію, 2 гады правучыўся ў Віцебску - асвойваў зусім новую для яго спецыяльнасць.  Таму і падыход да зямлі меў навуковы. Выпісваў літаратуру, вывучаў навуковыя дасягненні, але і пра думку старыжыл не забываўся.             

              - Спачатку, - успамінае Мікалай Іванавіч, - спадзяваўся, што ў вёсцы прабуду нядоўга, потым “прыкіпеў” да зямлі сэрцам. Мне, гарадскому жыхару, цяжка быдо неверагодна: раіўся з пажылымі людзьмі, як і калі лепей работы пачынаць, “Штудзіраваў” спецыяльную літаратуру. Калгаснікі да працы з душой адносіліся і, ведаеце, радавала і абнадзейвала тое, што з кожным годам жыццё станавілася лепшым і ярчэйшым, хоць лёгкай праца на зямлі не бывае. Разам з людзьмі, стаўшымі мне амаль роднымі, я спасцігаў сялянскую навуку, разам пераадольвалі цяжкасці, разам былі ў святы.

     Пад кіраўніцтвам Семянкова М.І. калгас значна палепшыў сваё становішча. У 1954 годзе пасяўная плошча збожжавых культур узрасла, сярэдні ўраджай з іх складаў 9,2 цэнтнера з гектара, у 1955 годзе – 10 цэнтнераў.

     У 1955 годзе калгас датэрмінова выканаў план паставак дзяржаве ўсіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі.

    Дзякуючы сваёй напорлівасці, таленту арганізаваць людзей і працалюбству, калгас на доўгі час выбіўся ў перадавікі па Слуцкаму раёну.

     Па выніках 1959 года рашэннем абкама КПБ за дасягненне лепшых паказчыкаў калгас быў занесены на абласную Дошку гонару.  Неаднаразова атрымліваў падзякі і сам Мікалай Іванавіч. За сваю працоўную дзейнасць быў узнагароджаны Ордэнам працоўнага Чырвонага Знамені, вялікім і малым срэбным медалём Выставы Дасягненняў Народнай гаспадаркі, Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. А ў 2001 годзе прозвішча Мікалая Іванавіча было занесена ў Кнігу Славы Слуцкага раёна. (Дадатак 1)  Неаднаразова да Дня Перамогі ён атрымліваў   пісьмо ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з віншаваннем і шчырымі словамі падзякі. (Дадатак 2) Але хто можа лепш ахарактарызаваць чалавека,  як  не людзі, з якімі ён прапрацаваў больш за 20 гадоў?

      “Гэта быў чалавек разумны, улюблёны ў сваю працу, душэўны. Ён не толькі паднімаў эканоміку калгаса, але і хацеў каб людзі духоўна жылі багата, вучыў людзей культуры, у калгасе дзейнічаў хор з 56 чалавек. Людзям было што паглядзець, чаму павучыцца. Мікалай Іванавіч застаўся ў памяці людзей як добры кіраўнік і чулы чалавек”. (2, с. 5)                                                                                                                                                 

       А якое ўражанне  на жыхароў Знамені склалі некалькі замежных дэлегацый?!

 - Дзесьці ў пачатку 60-х, - успамінае Мікалай Іванавіч, - мелі гонар прынімаць кітайскую  дэлегацыю. Чаму менавіта да нас? Дык а куды ж было іх пасылаць? Слуцкі раён па сельскай гаспадарцы быў на той час даволі моцным, вось і слалі ўсіх да Семянкова! Крыху пазней і польскіх дэлегатаў    сустракалі. Частавалі іх яшчэ вось у  гэтай недабудаванай хаце.

     Мэтай прыезду кітайскай і польскай моладзі  было  паглядзець на аднаўленне і развіццё гаспадаркі, прымяненне перадавых на той час тэхналогій, пераняць вопыт дасведчанага ўжо кіраўніка. Сталыя жыхары Знамені прыгадваюць гэтую значную падзею і сцвярджаюць, што больш за ўсё ўразіла дэлегатаў  гасціннасць беларускага народа,  добрасумленнасць і адкрытасць простых людзей. Па ініцыятыве Мікалая Іванавіча на пачатку 70-х пачалі будаваць і навейшы (па тым часе) зерняток, выраблены ў Аўстрыі.

  - Была такая мара: запусціць цэлы канвеер-зернесушылку. Ды і прыслалі іх толькі дзве на Беларусь, - расказвае Мікалай Іванавіч. – Усімі праўдамі і няпраўдамі выбіў крэдыт, пачалі будаваць ды так і засталося – напалову. У хуткім часе мяне адправілі на пенсію.

     Роўна 20 год адпрацаваў Мікалай Іванавіч на пасадзе старшыні. Яшчэ некаторы час дапамагаў новаму кіраўніку ўвайсці ў курс справы: працаваў намеснікам старшыні. А затым вырашыў наогул пайсці ў адпачынак.

     Сёння Мікалаю Іванавічу 82 гады, а жыццё ягонае адпачынкам не назавеш. Мяркуйце самі: даволі бадзёры, жыццярадасны чалавек сустракае нас на парозе сваёй хаты, запрашае папіць гарбаты, пагаварыць. Зімою ў Знамя прыязджае рэдка, затое  ўлетку  жыве ў вёсцы з сямʹёй пляменніцы, наведваецца ў школу. З гэтым чалавекам цікава і мінулае ўспомніць (Мікалай Іванавіч валодае выключнай памяццю), і сучаснае абмеркаваць. Пытаемся:

 - Ці не  супраць вы зайсці да нашых вучняў, распавесці пра дні вайны, пасляваеннае жыццё?

 - Я з радасцю! Толькі не гаварыце дзецям, што я герой які-небудзь, а то часта пытаюцца: які вы подзвіг здзейснілі?

Самім падумалася: а вынесці столькі цяжкасцяў у сваім жыцці і застацца сумленным і працавітым чалавекам – гэта не подзвіг ?

                                                                                          

свернуть